Вы праглядаеце журнал [info]andorac

Мая сталіца, мая правінцыя [entries|archive|friends|userinfo]
Мая сталіца, мая правінцыя

[ website | Наша Ніва ]
[ userinfo | livejournal userinfo ]
[ archive | journal archive ]

Як мы кралі баскетбольныя мячы [Тра. 17, 2012|12:06 pm]
Ну што, хлопчыкі і дзяўчынкі, раскажу вам крымінальную старонку са сваёй біяграфіі. Былі і такія :)

Карацей, я тады вучыўся ў класе сёмым ці восьмым. Можа, якраз перайшоў з сёмага ў восьмы, бо справа была летам. На летніх канікулах дзяцей, як вядома, прымушалі колькі дзён хадзіць у школу адпрацоўваць паншчыну практыку. Вось палолі мы клумбы з кветачкамі каля спортзала. А там былі дзверы, што выходзілі з трэнажоркі якраз на вуліцу. Праўда, зашклёныя, але ў адным месцы шкло было разбітае. Паторгаў я за тыя дзверы - яны апынуліся адчыненымі. Вырашыў пра гэта нікому не казаць.

У той жа дзень расказаў пра гэта сваім сябрам Андрэю К. і Валеру Ш. Тыя і прапанавалі пайсці ў школу ды вынесці са спортзала колькі мячыкаў. На тым і вырашылі. План атрымалася бліскуча рэалізаваць без сучка і задорынкі. Але вось на зваротным шляху стала нам неяк не па сабе. Школа наша знаходзілася ад маёй вёскі ў чатырох кіламетрах, праз лес. І хоць была заасфальтаваная дарога, ішлі мы, вядома, праз гушчар, каб ніхто не заўважыў.

Як толькі выйшлі на поле, то рукі зусім закалаціліся. Паўсюль здаваліся нам школьныя настаўнікі, што вядуць за намі пагоню, каб адабраць мячыкі баскетбольныя, ды паставіць на ўлік у дзіцячы пакой міліцыі. Карацей, да дому несці гэтыя карычневыя мячы мы не адважыліся. Прынялі рашэнне схаваць каля вёскі ў вадасцёчнай трубе, а назаўтра забраць вечарам, каб ніхто не заўважыў.

На наша гора ў той дзень з неба на зямлю абрынуўся лівень. І мячы нашы, вядома, змыла. Як ні шукалі, так і не знайшлі. На гэтым гісторыю можна было б лічыць скончанай, калі б у адзін восеньскі дзень бацька не прынёс з поля баскетбольны мяч. Кажа, во прыкол знайшоў у полі, адкуль ён узяцца мог. Канечне ж, не сказаў, што той мячык я сам спёр.

Ведаеце, не прынесла мне тая знаходка ніякага задавальнення. Крадзенае, яно і ёсць крадзенае. Праз нейкі час усё ж узяў той мяч ды ціхонька аднёс у спортзал, каб ніхто не бачыў. Толькі тады душа мая супакоілася.

А два астатнія мячы так ніхто і не знайшоў.
Спасылка37 камэнтароў|Пракамэнтаваць

Пасольствы [Тра. 14, 2012|05:39 pm]
А калі без дапамогі Гугла, то якая адзіная краіна постсавецкай прасторы не мае свайго пасольства ў Мінску?

Каменты скрыняцца.
Спасылка23 камэнтара|Пракамэнтаваць

Наўздагон [Тра. 10, 2012|02:33 pm]
А вашы дзяды ваявалі?

ПС. Мае - не. Адзін быў у палоне ў Чэхаславакіі. Вельмі прыязна, кажуць, узгадваў тыя часы. Казаў, што пасля працы ў бюргера піва пілі. Другі дзед па ўзросце не ваяваў.
Спасылка70 камэнтароў|Пракамэнтаваць

Геі [Тра. 2, 2012|01:26 pm]
Учора мне расказалі шыкоўную гісторыю кахання двух вясковых мужыкоў у Столінскім раёне. Не выкладчыкаў музычнай школы, ці лекараў бальніцы, а тракатарыстаў. Ну нармальныя такія мужыкі, як у Чалябінску Барысаве. Проста ў адзін момант яны вырашылі, што не могуць інакш. Вось і сталі жыць разам. І як ні дзіўна вясковае грамадства прыняла гэтую пару. Жывуць спакойна, вяскоўцы не зрабілі іх ізгоямі.

У нас у вёсцы таксама быў мужык-гей. Валера Ш. яго звалі. Ну гей дык гей, ён гэтага не хаваў, але і не афішаваў. Каму якая розніца? Валера быў лясніком і алкаголікам. Памёр ад паленай гарэлкі. Ніхто з ягонага гейства праблемы не рабіў.

Гэта я кажу, што мне здаецца, што вясковае грамадства здольнае прымаць людзей нетрадыцыйнай арыентацыі, магчыма, нават прасцей, чым гарадское. Цемрашалы-маладафронтаўцы выраваюць вясёлкавыя сцягі, а агрэсіўныя абаронцы геяў гатовыя параздзіраць сваіх апанентаў. Нешта ў гэтым няправільнае з абодвух бакоў.

***
А гэтыя сказы не мае ніякага дачынення да асноўнай тэмы паста. Сёння ў аўтобусе чуў, што набіраюць новых машыністаў метро. Заробак ад 5,5 мільёнаў. Ёсць над чым задумацца.
Спасылка23 камэнтара|Пракамэнтаваць

35 - Балахонаў ягадка апяць. [Крс. 24, 2012|06:26 pm]


Паколькі наш герой выдаліўся з фэйсбука і нават праз сціпласць прыродную не зрабіў нават у жж-шцы адмысловага допіса, то даводзіцца віншаваць яго тутака.

Сяргей Аляксандравіч, шчасця, кахання, здароўя, творчай патэнцыі нястомленасці. Карацей, расці вялікі ды вяртайся ў жж-шку.
Спасылка19 камэнтароў|Пракамэнтаваць

Славаччына [Крс. 13, 2012|02:46 pm]
У нядзелю на тыдзень лячу ў Браціславу. Быў там аднойчы паўдні ў верасні 2009. Запомніўся фантастычны Дунай, на які можна глядзець гадзінамі. Помню, што на яго беразе ў нейкай забягалаўцы сядзелі суровыя славакі ў спартовых нагавіцах.

Помню, што на вуліцы падабраў грэцкі арэх, які потым насіў з сабой аж два гады, пакуль яго не забралі ў мяне на судзе над Канавалавым і Кавалёвым. Няўжо ён быў такім небяспечным.

Здалося, што стары горад Браціславы не такі вялікі. А цэны большыя, чым у суседняй Чэхіі. А яшчэ там была паўсюдная будоўля, проста як у Мінску. Вось нават фотачка ёсць ля прэзідэнцкага палаца.



Калі хтосьці бываў у Браціславе, ці ўвогуле ў Славачыне, то падзяліцеся, што там паглдзець можна, куды схадзіць, што набыць. Цікава.
Спасылка15 камэнтароў|Пракамэнтаваць

11 красавіка [Крс. 11, 2012|03:29 pm]
Ніколі не любіў метро. Не ведаю, можа гэта мае вясковыя комплексы гавораць, але ў метро мне цесна і няўтульна, душна і сумна. Паўтаруся яшчэ раз, але больш люблю наземны транспарт, а яшчэ больш люблю хадзіць пешшу.

Калі ўжо ўсе пішуць пра дзень 11 красавіка летась, то яго я помню добра. У той дзень да нас у рэдакцыю заходзіў толькі вызвалены з "амерыканкі" Фядута, я рабіў з гутарку для наступнага нумара. Потым гэты самы нумар давялося перавёрстваць. Дзесьці ў 17:55 Сяргею Макарэвічу патэлефанаваў нехта з знаёмых. Сяргей сказаў пра выбух у метро. Макарэвіч і Гудзілін пабеглі першымі. Праз нейкі час пайшоў і я да "Кастрычніцкай".

У той дзень бачыў чалавечую кроў на плітцы. Бачыў сотні людзей, якія тэлефанавалі блізкім, каб сказаць, што ў іх усё добра. Бачыў людзей, якіх выносілі з чэрава метро ў машыны хуткай дапамогі. Потым ездзіў па бальніцах, дзе збіраў інфармацыю пра пацярпелых. Вельмі цяжкі быў дзень, а потым наступны, не менш цяжкі.

З тыдзень я не карыстаўся метро, але потым усё сціраецца. Пачуцці прытупляюцца. Відаць, што гэта нармальна.
Спасылка17 камэнтароў|Пракамэнтаваць

(бяз тэмы) [Крс. 3, 2012|11:00 am]
Учора стаміўся на працы, ды яшчэ галава балела (відаць, на змену надвор'я). Таму спаць лёг рана, дзесьці ў 22:50. Не паспеў заснуць, як тэлефонны званок ад [info]yuras_adamovich: "Куды прапаў?"

Вядома, з прасоння зразумець пытанне не атрымалася. Давялося перапытваць: "Ну няма цябе ні ў жж, ні ў фэйсбуку". Пытанне паставіла ў тупік яшчэ болей :) У фэйсбук не пісаў мо дзён пяць, хаця чаго хаваць брыдзіць ён мне ўсё болей і болей. Але там ёсць дзвіжуха, ёсць магчымасць ставіць лайкі, не трэба выдумляць даўгія пасты :) На жж насамрэч проста нестае часу. Чытаю разы два ў тыдзень максімум.

Але вось пасля званка Юрася захацелася сюды напісаць. Вось бы ў кожнага былі свае Юрасі, якія будзілі вас па начах пачуццё адказнасці за жж, якое вы прыручылі :)

ПС. Звычайна я спаць кладуся а 1 ночы. Плюс-мінус паўгадзіны. А вы?
Спасылка56 камэнтароў|Пракамэнтаваць

Кавярня Шанхай [Сак. 15, 2012|01:48 pm]
Можа, некаторыя мяне і асудзяць, але я люблю кітайскую ежу. Падсеў на яе, калі месяц жыў у Празе. Там кітайскія рэстаранчыкі (з в'етнамскімі супрацоўнікамі) адны з самых танных, а порцыі ў іх будзь здароў. Любіў есці Вепрове Кунг-Пао - рыс з мясам, соўсамі, арэшкамі, нейкай зелянінай. Мяса ў кісла-салодкім соўсе таксама зашыбіся. Поліўкі курыныя і пікантныя. Карацей, Прага ў гэтым сэнсе мяне сапсавала.
У Мінску кітайскія рэстараны я не наведваў. У тых што існуюць кошты не самыя ветлівыя :) Зрэдку магу замовіць у "Сушы-вёслах" якія-небудзь макарыкі. Атрымаўшы той смак, якога я не чакаў, клянуся, што болей замаўляць не буду.
Нядаўна пачуў, што на Сурганава, 7 ёсць кітайскайская кавярня "Шанхай". Адразу вырашана яе апробаваць.

Знаходзіцца гэтая кавярня ў гатэлі "Акадэмічны", здаецца. Уваход таксама з дзвярэй гатэля. Памяшканне не вельмі вялікае. Калі не памыляюся, то ўсяго столікаў восем. Толькі два з іх на шэсць персон. Астатнія меншыя. Ёсць вялікі экран, дзе паказвалі Дзмітрыя Мядзведзева :)
Інтэр'е, адразу скажу, не вельмі. Канечне, вісяць кітайскія ліхтарыкі, нейкі веер. Але не пакідала ўражанне забягалаўкі, а не месца, куды б хацелася вяртацца.

У вітрыне за стойкай нічога не было. Неяк дзіўна згадзіцеся. На падваконні стаялі засохлыя тыдні два таму ружы, а таксама валялася ўпакоўка парацэтамолу. Чаму не прыбіраюць? Ну ім добра, што зробіш. Неўтульна там
Цяпер перайду да меню. Кошты адэкватныя. Не зашкальваюць. Мы з дзяўчынай бралі супы. Яна памідорны з яйкам. Я - курыны з салодкім перцам. Кошты - 8,500 і 10,000. Мой быў занадта вадзяністы, я ж больш люблю наварысты :) Тані ейны пайшоў нармальна.
Асноўныя стравы. Я браў свініну ў кляры, засмажаную з цыбуляй па-кітайску. Таня - курыцу ў кісла-салодкім соўсе. Што да маёй стравы, то быў выразны смак воцата. Мне то нават добра, бо я воцат люблю, а вось людзям, што не страва б не спадабалася. Свініна была нармальнай. Што датычыць кісла-салодкага соўсу, то ён больш нагадваў тое, што спрабаваў у Празе, чым кісла-салодкі соўс "Сушы-вёслаў". У прынцыпе, асноўныя стравы я б ацаніў на 5,5 з 10. Кошты: мая страва 46 тысяч, дзяўчыны - 39.
Плюс да страваў трэба замовіць рыс на гарнір. Каштуе ён 5 тысяч. 
Піва ў асартыменце ёсць толькі "Златы базант" і "Баброў" і нешта яшчэ безалкагольнае. Піва па 15 тысяч. У выніку на дваіх заплацілі 144 тысячы. На кухні ў іх сапраўды працуюць кітайцы, сам бачыў. З дэсертаў ёсць толькі садавіна, запечаная ў карамелі. Не адважыліся паспрабаваць :)
Больш у "Шанхай" я не пайду. Калі ёсць жаданне паспрабаваць усё ж іхнюю ежу, то лепш замовіць на дом. Будзе больш прыемна. За дастаўку яны бяруць, здаецца, сем тысяч.
Спасылка16 камэнтароў|Пракамэнтаваць

8 Сакавіка [Сак. 7, 2012|06:29 pm]
Не маю прычын крычаць: "8 Сакавіка не свята! Яно прыніжае жанчын". Як па мне, то кажуць такое няўдачнікі. Як па мне, то нармальны дзень. Вясновы, харошы. Чаму б жанчын не павіншаваць з надыходам вясны?

Мне вось школьныя гісторыі згадаліся, як мы віншавалі дзяўчынак на 8 Сакавіка. Звычайна ў апошнюю нядзелю перад гэтым днём мы ехалі ў Барысаў, дзе па ходу і прыдумвалі, што ж купіць. Ехалі на базар у стары горад. У памяць урэзаліся толькі дзве гісторыі.

Класе гэтак у сёмым амаль усе нашы хлопцы перад 8 Сакавіка злеглі з прастудай, ці грыпам. Засталіся фактычна толькі я ды Дзіма К. (Кароль). Вось купілі мы заколкі. Але не ведалі, як падарыць. Відаць, абодва вельмі сарамлівыя. У выніку, проста на ўроку матэматыкі мы з апошняй парты перадалі па класу дзяўчатам заколкі. Ну ніфіга непрыгожа выйшла, неяк па-калдырску. Нават без торціка :) Потым астатнія хлопцы нас з Каралём за гэта ўшчувалі. Заколкі ж дзеўкі, помніцца, насілі потым :)

Другі выпадак запомніўся класе гэтак у дзявятым. Купілі мы дзяўчатам памады. На той год усё прайшло прыгожа. Мы такія ўсе джэнтэльмены выходзілі з лабаранцкай біялагічнага кабінету. Ну і рабілі падарункі, папярэдне размеркаваўшы дзяўчат. Здаецца, яшчэ паштовачкі нейкія былі. Я памаду аддаваў Каці Г., якая мне ў той час падабалася. Вядома, мы ж хлопцы, пабралі першыя памады, што трапілі пад руку, не надта дбаючы ці падыдуць яны нашым абранніцам. Потым быў ліманад і торт. У той жа дзень Каця ў мяне спыталася: "Ты думаеш, мне такі колер падыдзе?" А я як дурань нічога не мог адказаць :) Было трошку сорамна. З Кацяй у нас была ўзаемная прыязнасць у школьныя гады, але так нічога і не выспела. Зрэшты, гэта зусім іншая гісторыя.

Што дарылі нам на 23 лютага хоць забіце, не памятаю. Аднойчы падарылі кніжкі нейкага беларускага пісьменніка, відаць, вельмі вядомага, што я нават не помню, што за ён. У назве, здаецца, было нешта пра калодзеж.

Зрэшты, не за падарункі мы вас любім цудоўныя дзяўчаты і жанчыны. Са святам вас!
Спасылка9 камэнтароў|Пракамэнтаваць

Першы матч Кандрацьева [Лют. 29, 2012|02:59 pm]


Адраджаю традыцыю ставак на футбольныя матчы. Сёння першая гульня ў зборнай Георгія Кандрацьева. У Турцыі адбудзецца таварыская сустрэча: Беларусь - Малдова.

Чалавеку, што правільна адгадае лік сустрэчы прастаўлюся півам ці гарбатай: на выбар. Дарэчы, у зборнай дэбютуе натуралізаваны бразілец Рэнан Брэсан.

З малдаванамі нашы сустракаліся дагэтуль пяць разоў: дзве перамогі ў нашых, адна нічыя, дзве перамогі ў малдаван.

Каменты скрыняцца.
Спасылка43 камэнтара|Пракамэнтаваць

ЖЖ-шлюбы [Лют. 27, 2012|05:26 pm]
Вось гляджу на ўміліцельную пару [info]makoto_bel і [info]bihi_puuk, якія пазнаёміліся праз жж.

У мяне ў стужцы ёсць дзве сямейныя пары, якія пазнаёміліся праз жж [info]irisation і [info]buslovskas, а таксама [info]rosy_bud і [info]krywal.

Ёсць яшчэ пары, якія яшчэ не муж і жонка, але блізкія да таго. Я з дзяўчынай пазнаёміўся таксама праз гэтую сацсетку. ЖЖ - гэта ўсё ж была сіла. Шкада, што цяпер у заняпадзе.
Спасылка44 камэнтара|Пракамэнтаваць

Туркменскае метро [Лют. 25, 2012|02:10 pm]
У беларускім метро ёсць адна файная асаблівасць. Пры выхадзе з падземкі і стары, і малы, і прафесар, і гопнік прытрымліваюць дзверы, каб наступнага чалавека імі балюча не ўдарыла. Вось сёння бачыў, як ударыла. Дзяўчыну ўдарыла. Як выглядае, не надта моцна, але ўсё адно непрыемна. Бачыў усё ад пачатку. Хлопец прытрымаў дзверы іншаму хлопцу, які ішоў у дарагім паліто, начышчаных ботах і бруках са стрэлачкамі. Дык вось гэты малады чалавек, як ішоў, так і пайшоў. Дзяўчыну ляпнула. Ну ясна, што дзяўчына звыклася, што ў Мінску дзверы прытрымліваюць. Хлопец той ў паліто туркменскі студэнт. Відаць, сын старшыні нейкага мясцовага кішлака, што нават увагі на такія дробязі не звяртае. У ашхабадскім метро выглядае свае правілы. Сябры, хай беларусы ці туркмены, прытрымлівайце дзверы.
Спасылка44 камэнтара|Пракамэнтаваць

Кавярні [Лют. 12, 2012|08:16 pm]
Сябры, падкажыце ў Мінску вашы кавярні любімыя? Каб кошты не зашкальвалі, ну і каб не рыгалаўкі былі :) Што-небудзь прыстойнае. Для кампаніі ў пяць-шэсць чалавек.
Спасылка28 камэнтароў|Пракамэнтаваць

Адбіткі пальцаў [Лют. 2, 2012|04:49 pm]
Я ўжо спадзяваўся, што пра мяне не ўспомняць. Але сёння з міліцыі пазваніла нейкая дзяўчынка, угаворваючы прыйсці здаць адбіткі пальцаў. Папрасіў павестку мне даслаць. Цікава, яшчэ шмат такіх, што не здалі?
Спасылка26 камэнтароў|Пракамэнтаваць

ВСВ [Лют. 1, 2012|02:48 pm]
У суботу вечар сустрэчы выпускнікоў. 10 гадоў, як школу скончыў. Запрасілі. Трэба схадзіць паслухаць пра дзяцей ды сямейнае жыццё аднакласнікаў :) Гады чатыры не хадзіў.
Спасылка28 камэнтароў|Пракамэнтаваць

(бяз тэмы) [Стд. 25, 2012|08:31 pm]


У мяне дык Буба Куйбышаў атрымліваецца :)
Спасылка45 камэнтароў|Пракамэнтаваць

1,5 [Стд. 18, 2012|02:32 pm]
Зімовая сесія паспяхова здадзеная. Хоць і з невялікімі праблемамі. Па этналогіі па заліку выкладчык выганяў мяне з аўдыторыі за перамовы з суседам па парце. Ледзь уламаў яго пакінуць свой аўтограф у маёй залікоўцы.

Увогуле ж, зімовая сесія другога курса для мяне крытычны перыяд. Менавіта падчас яе пяць гадоў назад я кінуў вучобу. Не здаў залік па псіхалогіі, а пераздаваць ужо не пайшоў. Цяпер вось рубеж пераадолены :) Магу прымаць віншаванні :)

***
Студэнцкія легенды пра тое, як здаваць залікі не ведаюць межаў. Вось толькі дзве з дзесятка пачутых мной на сесіі.

1. Адзін выкладчык вырашыў паставіць добрую адзнаку аднаму студэнту, які найбольш нахабна падасць яму залікоўку. Што толькі студэнты не рабілі і танцавалі і спявалі. Выйграў жа той хлопец, што проста адчыніў дзверы аўдыторыі, кінуў залікоўку ў твар выкладчыку ды сказаў: "Я буду ў сталоўцы, прынясіце мне яе туды". І што ж вы думаеце? Прынёс!

2. У незапамятныя часы, калі выкладчыкам яшчэ дазвалялася дарыць на экзамене кветкі і цукеркі, адзін выкладчык прымаў экзамен толькі праз краму. Заходзіць на іспыт трэба было толькі з пакетам, які пры лёгкім удары з дзярыма выдаваў, што ў ім бутэлька каньяку. З гадамі выкладчык стаў троху падслепаваты, дык хлопцы проста сцалі ў каньячныя бутэлькі. Колер жа падобны, ён і не адрозніць.
Спасылка17 камэнтароў|Пракамэнтаваць

Тарасікі на выездзе [Стд. 11, 2012|05:15 pm]
Мянты на сесія працягваюць карміць байкамі. Не заўсёды мянтоўскімі праўда. Бывае, што і жыццёвымі. Вось адзін такі расказваў інтымную гісторыю пра канапу.

У нас з жонкай маёй сённяшняй павінен быць першы сэкс. Ну, прынамсі, я так думаў. Здаецца, што і яна супраць не была. Былі мы ў мяне дома, бацькі якраз з'ехалі. І тут праблемка. Пачалі раскладваць канапу, а яна не раскладваецца. Стала рабрыной, і ні ў адзін бок не варушыцца. Дзесьці паўгадзіны з ёй мучаўся, а ўсё без толку. Так сэксам мы і не заняліся тады. А цяпер во нядаўна прыехалі з жонкай да мяне дамоў. "Канапу раскладваць, хоць навучыўся?" - запытаўся бацька перад сном. Нас на рогат і прабіла.

***
Пабачыў ва ўніверы сваіх сяброў яшчэ з часоў каледжа. Аднагрупнік за гэтыя паўгады ажаніўся. Мяне ж таксама запрашаў на вяселле, а я не паехаў. Гаўнюк, вядома я. Вяселле ён рабіў вялікім, яшчэ сёння не можа з пазыкаў выбіцца. Для мяне гэта неяк дзіўна, браць пазыку, каб ажаніцца. Але ж не мая справа.
Быў у нас яшчэ адзін хлопец у каледжы. Назавем яго Дзіма. Яму ўжо 33 гады. Жыве з бацькамі ў Вілейскім раёне. Вядома, што глуш. Цяпер вось нарэшце знайшоў сабе дзяўчыну. 26-гадовую ўдаву з дзіцёнкам. Ну, кажа, талковая дзеўка, гаспадарлівая, настаўніца. Мужык яе спіўся за тры месяцы жыцця ў вёсцы, а потым павесіўся на дзвярной ручцы. Яе біў, яна ўцякала. Ну Дзіму дзяўчына падабаецца. Але мама яго супраць вяселля, бо дзеўка з дзіцём. Мне гэта таксама не зразумела.

***
Люблю маршруткі. Чаго там толькі не наслухаешся. Вось еду ў нядзелю ў маршрутцы ў Барысаве. Мікрык поўны людзей набіўся, ну сядзяць сабе ўсе ціха, ніхто нікога не чапае. І потым адна жанчына, як закрычыць на ўвесь салон на вадзілу: "Ды выключы ты гэтую хуйню, што грае, слухаць немагчыма". Кіроўца вокам не павёў, а цётка проста беснавалася. Крычала, што рэзаная, што ў яе зараз галава лопне ад такой музыкі. "Ну ладна там Антонаў, а то ж хуіта", - не сунімалася яна. Суседка яе, на выгляд падобная на настаўніцу на пенсіі сказала: "Я вось люблю "Лесапавал", але ж не абураюся". "Дык гэта ж не Антонаў", - адзіны аргумент быў у бунтаркі. У чалавека, відаць, пахмельны сіндром. Цёткі, што сядзелі насупраць мяне хутка паставалі дыягназ: "Тарасікі на прагулцы". Тарасікі ў Барысаве - гэта тое самае, што Навінкі ў Мінску. Я ржаў таксама, потым абарочваўся з усмешкай на тую цётку, а на мяне глядзяць злыя вочы яе дачкі. Дзяўчынка, відаць, школьная выпускніца. Мне нават падалося, што яна мне зараз вочы выцарапае. Не дайшла да гэтага. Але ржаць я перастаў.

***
Мой ЖЭС настойліва рэкамендуе жыхарам дому шукаць у падвала бамжоў ды здаваць ім. Навошта ЖЭСу бамжы я абсалютна не ведаю. Самае прыкрае, што нават узнагароду не прапануюць. А так бы, можа, здаў парачку :)
Спасылка15 камэнтароў|Пракамэнтаваць

савецкае кіно [Стд. 8, 2012|11:17 pm]
А які ваш любімы савецкі фільм?

Мой дык "Белае сонца пустыні". Паўліны, гаварыш?
Спасылка36 камэнтароў|Пракамэнтаваць

navigation
[ viewing | most recent entries ]
[ go | earlier ]