?

Log in

No account? Create an account
Мая сталіца, мая правінцыя [entries|archive|friends|userinfo]
Мая сталіца, мая правінцыя

[ website | Наша Ніва ]
[ userinfo | livejournal userinfo ]
[ archive | journal archive ]

Выбірай [Крс. 28, 2016|02:38 pm]
Мая сталіца, мая правінцыя
З настойлівых патрабаванняў Вольгі branislavawna мушу адказаць на яе пытанні.

1. Праца ці лайдацтва?
Канечне, лайдачыць больш прыемна, тут няма пытанняў. Але доўга лайдачыць - гэта цяжкая праца на ізнос. У прынцыпе, мне цалкам хапае 3-4 дзён лайдацтва, каб зноўку хацець папрацаваць. Напісаў ужо тры сказы, а адказу ўсё яшчэ не даў. Карацей, хай будзе праца. Ціпа я ўвесь такі працаголік, ггг.

2. Стаматолаг ці мыш?
Ужо можа месяц збіраюся запісацца да стаматолага, але сілы волі бракуе. Я цудоўна ведаю, што пры лячэнні зубоў у 4 выпадках з 5 табе зусім не балюча, а часам нават так укачвае, што хочацца заснуць. Але страх стаматолагаў у нас дзяцей саўковай сістэме перадаецца на генным узроўні ад маці да сына, ад бацькі - да дачкі. Мне яшчэ страшна, што цёця стаматолаг будзе на цябе крычаць, што ты скаціна зрабіў са сваімі зубамі, хоць ёй, вядома, насраць. Мыш - гэта ж нешта абсалютна ірацыянальнае. Некалі ў дзяцінстве я праглядзеў перадачу, дзе расказвалася, як мыш прабеглася па немаўлю і заразіла яго чумой. Пасля гэтага мышы - мой страх. Я як той слон (вага адпаведная) дрыжу ад маленькай шэранькай мышкі. І як васьмікласніца гатовы залезці на стол пры відзе гэтай жывёлкі. Памятаю, як у школе мы хадзілі вясной перабіраць у калгас бульбу і мае аднакласнікі злавілі мыш ды палохалі ёй дзяўчат. Дзякуй богу, што да мяне ніхто не падыходзіў, а інакш абясславіўся на доўгія гады. Стаматолаг вообшчэм.

3. Піца ці дранікі?
Выбар просты. Канечне, піца. Я скажу вам болей: у выбары паміж блінамі і дранікамі, я б таксама выбраў не дранікі, а бліны. Яшчэ водку, медведя і балалайку Ніякага захаплення дранікі ў мяне не выклікаюць. Я люблю экзотыку ў ежы. Абажаю кітайскую, індыйскую кухні. Гатовы на розныя эксперыменты як паспрабаваць кенгуру, кіта ці страуса. Піца ўжо даўно не экзотыка, але дранікі пагатоў.

4. Панда ці каала?
Некалі я задаўся пытаннем, якія ж гукі выдае каала, загугліў. Аказваецца, што гэта мілае лахматае стварэнне раве нібыта чорт. Поўнае несумяшчэнне знешняга выгляду і голасу. Потым я вырашыў паказаць Тані grafamanka як крычыць каала. Гэта мела трагічныя наступствы :) А яшчэ я чытаў, што каалы яны вельмі тупыя і не здольныя адрозніць небяспеку. Пра пандаў я зусім мала што ведаю, таму, безумоўна, каала.

5. Бландзінкі ці рудыя?
Спыталася б у мяне Воля: бландзінкі/рудыя ці брунэткі? Адказ мой бы складаўся з аднаго слова. А так давядзецца яшчэ нешта распісваць. Бландзінкі - гэта блізкае, зразумелае, штодзённае. Рудыя - гэта экзотыка. Усе Панкаўцы рудыя. Я руды. І мянушкі Рыжы пазбег толькі таму, што ў нас у вёсцы ўжо было два старэйшыя пацаны з такім паганялам. Мае стрыечны і траюрадны брат. І дзеці ў іх нараджаюцца вогненна рудыя, амаль чырвоныя. Такім чынам, руды - гэта колер маёй сям'і, мае карані. Руды, няхай будзе руды.

Яшчэ пяць пытанняў мне задалі ў якасці штрафу. На іх пастараюся адказваць карацей.
1. Кватэра ці дом?
Кватэра. У мяне няма ні ўменняў, ні жаданняў спраўляцца з цэлым домам, за якім патрэбны пастаянны догляд.
2. Дарога ці канапа?
У дарозе марыш пра канапу. На канапе - пра дарогу. Дарога, але нячаста.
3. Кніга ці фільм?
Кніга. Я не асабліва люблю глядзець кіно. Толькі серыялы :)
4. Радзіма ці эміграцыя?
Яшчэ тут. Спадзяюся, быць тут і далей. Ой, так пафасна, што шчаз заплачу.
5. Жанчына ці мужчына?
Ліш бы чалавек быў харошы :)
Спасылка18 камэнтароў|Пракамэнтаваць

Задар. Уражанні і крыху парадаў [Чэр. 30, 2015|11:09 pm]
Мая сталіца, мая правінцыя

Амаль год мінуў з часу нашага з grafamanka падарожжа на Балканы. Пакуль што сілаў хапіла толькі на тое, каб апісаць адну частку вандроўкі, а менавіта Боснію і Герцагавіну. Нядаўна праглядаючы фоткі ўсё ж вырашыў, што хопіць пракрастынацыі і трэба садзіцца ды хоць мінімальна апісаць Харватыю. Цудоўная краіна карычневых дахаў і празрыстага мора. Мы наведалі толькі адзін з рэгіёнаў Харватыі - Далмацыю. Рэгіён працягнуты на самым поўдні краіны. Тут жылі грэчаскія плямёны, фракійцы, кельты. Далмацыю па чарзе заваёўвала, то Венецыянская Рэспубліка, то Візантыя, то Асманская імперыя. Цяпер тут жывуць славяне. Уся гэтая палітра людзей, народнасцяў, нацыянальнасцяў наклала свой непаўторны адбітак на Далмацыю. Працяг з фоткаміCollapse )
Спасылка4 камэнтара|Пракамэнтаваць

Боснія. Уражанні і крыху парадаў [Ліс. 19, 2014|05:30 pm]
Мая сталіца, мая правінцыя

У Боснію марыў патрапіць, калі прачытаў Мешу Селімавіча, Міленку Ергавіча і Тэю Обрэхт. Дзівосны край, дзе пераплятаюцца казкі і праўда, шчасце і гора, мір і вайна... Вайна. Гэта, мабыць, першаснае ўяўленне і асацыяцыя, якая спрацоўвае ў галовах людзей, калі чуеш пра Боснію. У маёй памяці назвы баснійскіх гарадоў заселі назаўжды яшчэ з пачатку 90-ых, калі навіны з Балкан ішлі ў кожным выпуску навінаў любога тэлеканала. Слова "генацыд", ці нават "разня" і "асада" мала што значылі ў маім дзіцячым свеце. Навіны ж я глядзеў для таго, каб пабачыць, а потым замаляваць, сцягі невядомых мне дзяржаваў. Далей шмат фотак і крыху тэкстуCollapse )
Спасылка9 камэнтароў|Пракамэнтаваць

(бяз тэмы) [Стд. 31, 2014|07:19 pm]
Мая сталіца, мая правінцыя
Жук і Бог
Апавяданне.

“Вова, пакармі сабаку” – бязлітасна кажа бацька, калі я спрабую незаўважна выскачыць з дома, каб паспець на апошні рэйсавы аўтобус, што едзе з нашай вёсачкі да райцэнтра. Назад ужо буду вяртацца пешшу, позна, магчыма, не вельмі цвярозы. Тут усяго тры кіламетры. Бацькі пераехалі жыць сюды пяць гадоў таму, перад маім адзінаццатым класам, школу я, вядома, сканчваў у горадзе. Транспарт, бацькоўскі і грамадскі, дазваляў. Цяпер ва ўніверсітэце летнія канікулы, таму я ў вёсцы.

“Я спазняюся”, - адказваю са спадзевам, што бацька зробіць мне палёгку і адчэпіцца. Але мае довады яго не пераконваюць. Іду шукаць, чым можна накарміць цуцыка. Наліваю міску фасолевага супу, кладу туды хлеба, а яшчэ збіраю са стала косці ад хека. Сабака чамусьці не есць сырую рыбу, зусім, толькі смажаную.

“Жук, Жук, сюды”, - крычу з ганка. Сабака імгненна з’яўляецца, бяжыць да мяне, і радасна накідваецца на ежу.

Не паверыце, але ў нас да гэтага лета ніколі не было сабак. Затое цяпер аж сямёра катоў (у хаце, праўда, жывуць толькі трое, астатнія бегаюць па двары). Бацька любіць катоў, падбірае іх на вуліцы. Аблезлых, хворых, нямоглых. Потым гуляецца з імі, як кажа маці, корміць, мые, выходжвае. У бацькі добрае сэрца, але сабак ён і не прызнае зусім. Кажа, што ў другім класе яго моцна пакусаў сабака Толіка Брыцкага, які жыў каля самай школы. Потым бацьку калолі ўколы супраць шаленства, а сабаку застрэліў мой дзед. Баба смяялася, што гэта была самая вялікая ягоная здабыча за ўвесь час хаджэння на паляванне.

Жука, так я называў нашага новага сабаку, бацька б таксама не прыняў. Вядома, гэта ж не кот. Настаялі мы з братам. Бацька крыху павагаўся, але сказаў – акей, толькі глядзець самі будзеце. Акей, паўтарылі мы, бо разумелі, што вёсцы бываем рэдка. Галоўнае – згода дасягнутая.

Насамрэч Жук быў не нашым псюком, а суседскім. Але Яўген перастаў карміць сваю чорную балонку, пасля таго, як палічыў, што сабака апаганьвае жыллё з абразамі. “Калі сабаку нельга ў храм, то і ў доме трымаць яго не буду. Брудная жывёліна”, - гэта я ў скароце і вельмі ўтрыравана перадаю сэнс ягоных словаў.

Так Жук прыбіўся да нас. Хадзіў ды глядзеў сваімі вялікімі шкадоблівымі, як у каровы, вачыма. Раз вынеслі паесці, другі, а потым сабака ўжо не адходзіў ад нашага дома, бегаў на падворку разам з шматлікімі катамі. Падобна было, што нават бацька яго прыняў, хоць і працягваў трымаць удаваную чэрствасць.

Яўген жа, здавалася б, мог скінуў гару з плеч, калі пазбавіўся ад сабакі. Дзе там! Ён настойліва патрабаваў, каб мы болей не кармілі сабаку. Інакш, пашкадуем. І ён не жартаваў.

Апошні месяц мяне пераследуе навязлівае пачуццё, што пад вокнамі бацькоўскай хаты ходзіць чалавек з касой. Адчуванне цягучае і непрыемнае. У маім сэрцы і думках пасяліўся страх. Калі перад гэтым я не піў піва ў горадзе з сябрамі, то мне вельмі цяжка заснуць. Бо нават у снах гэты чалавек знаходзіць мяне. Каб хоць неяк супакоіцца, я чытаю ў думках малітву.

Ойча наш, які ёсць у небе, хай свяціцца імя Тваё, хай прыдзе валадарства Тваё, хай будзе воля Твая, як у небе, так і на зямлі. Хлеб наш штодзённы дай нам сёння, і адпусці нам правіны нашыя, як і мы адпускаем вінаватым нашым. Не ўводзь нас у спакусу, але збаў нас ад злога. Амінь.

Зусім не ведаю, ці правільна складаюцца ў сказы словы. Я не зазіраў у гугл, не шукаў кананічны пераклад. Такую малітву я памятаю з дзяцінства. Ёй мяне навучыла бабуля, калі я перажываў самы складаны перыяд майго непрацяглага жыцця.

Гэта здарылася напрыканцы лістапада, калі мне толькі споўнілася дзесяць гадоў. Я прыйшоў дадому са школы а другой гадзіне. Нікога ў кватэры не было. Бацькі на працы, брат – на прадлёнцы, мая ж настаўніца з’ехала кудысьці ў Мінску на дзень, таму нас адпусцілі. Так бывае. Я глядзеў тэлевізар, паеў ранішняй грэчкі. Усё як заўсёды, нічога незвычайнага. Але ў той дзень пазванілі ў дзверы, званок быў нейкі дзёрганы і зусім непрацяглы. Я ціха падступіўся, каб зазірнуў у “вочка”, і пабачыў там зусім не паштара ці міліцыянера, а двух дужых хлопцаў з маленькімі ламкамі. Яны яшчэ раз пазванілі.

Я чуў пра такія гісторыі шмат разоў, напрыклад, пару месяцаў таму з дома хроснай не вынеслі толькі ложкі ды лыжкі. Мне расказвалі пра гэта бацькі, расказвалі аднакласнікі і настаўнікі. Мы ўсе разам выбудоўвалі нейкія магчымыя сцэнары дзеяння ў такой сітуацыі, аднак, калі справа непасрэдна дакранулася да мяне, то я проста стаяў як паралізаваны ў вітальні нашай аднапакаёўкі. Сёння я нават не магу згадаць, колькі гэта ўсё доўжылася. Хвіліну, дзве, дзесяць, паўгадзіны?

Я разумеў, калі яны адчыняць дзверы, ускрыюць замок, то ім давядзецца забіць мяне. Хочуць яны таго ці не. Я не крычаў, не спрабаваў вырвацца з кватэры праз акно нашага першага паверха, ці схавацца пад ложкам. Я проста сядзеў і не рухаўся. Такім мяне і знайшлі бацькі.

Нешта ўсё ж адпалохала тых дзецюкоў. Можа, ніколі і не даведаюся што ж. Але я застаўся жывы. І гэта найвялікшы падарунак Неба.

Вельмі доўгі прамежак часу пасля таго выпадку я не мог заставацца адзін у кватэры. Усё цела калаціла ад страха, таму са школы я ішоў да бабулі. Менавіта яна знайшла спецыялістку, якая шаптала мне ваду ад сполаха. Я ўсё гэта памятаю фрагментамі. Здаецца, я ляжаў на нашым невысокім століку, за якім сям’я штодня вячэрала, ці, магчыма, сядзеў пад ім, зусім голы, а баба Надзя праносіла ваду вакол кожнай ножкі гэтага століка і нешта ціха казала ў паўтаралітровую пласмасавую бутэльку з вадой. Сёння мне ўсё гэта падаецца нерэальным. Я нават не ўпэўнены, што так было насамрэч, а не ў маіх фантазіях. Неяк папытаўся ў маці, але яна кажа, што таксама не памятае.

Бабуля тады яшчэ на ўсякі пажарны, калі вада не падзейнічае, навучыла мяне малітве. Прычым, я дакладна памятаю, што па-беларуску. І я маліўся кожны раз перад сном. Маліўся да той пары, пакуль страх бясследна не пакінуў цела, пасля гэтага мае вусны ніколі больш не прамаўлялі малітву. Да гэтага лета.

Цяпер я малюся часта, але адначасова ў галаву лезуць дурныя думкі, каго Бог паслухае хутчэй: мяне ці таго чалавека, якога так баюся я? У мяне няма кепскіх намераў, але я ўжываю алкаголь і дуру галовы маладым дзеўкам. Я ганарлівы і часта ўпадаю, то ў празмерную весялосць, то ў празмерны сум. Я не хаджу ў царкву, а да Бога звяртаюся другі раз у жыцці. Скажыце, які понт Яму мяне слухаць?

Да таго, як бацькі дабудавалі вялікі і прыгожы двухпавярховы дом у “прыгарадзе”, мы ўчацвярых жылі ў аднапаёўцы, хай і ў цэнтры горада. Таму мне падабаецца ў вёсцы. Жывем амаль “наша хата з краю”. Толькі ў Яўгена хата яшчэ больш крайняя. За ёй ужо лясок з сунічкамі і казлятамі, грыбы такія. Той, каго я баюся – гэта наш сусед па “ранча” – Яўген.

Яму 31 год. Ён паспяхова адвучыўся ў мясцовым палітэхнікуме на цеплатэхніцы, потым у БНТУ на завочцы. Працаваў на паспяховым у горадзе заводзе інжынерам. У Яўгена белы-белыя валасы, у дзяцінстве праз гэта ў яго была мянушка Смятана, і блакітна-блакітныя вочы. Апошнім часам у гэтых вачах мне ўсё часцей бачыцца драбнотка вар’яцтва. Убачыць вар’яцтва ў светлых вачах нашмат прасцей, чым у цёмных. Гэта скажа вам кожны. У блакітных вачах вар’яцтву проста няма куды схавацца.

Чатыры гаду таму Яўген ажаніўся з дзяўчынай Кацяй. Яна смешная, бо ўся ў вяснушках, а яшчэ вельмі худая. Яна вучылася са мной у адной школе, памятаю, што ў старэйшых класах яна хадзіла заўсёды ў доўгіх сукенках. Ніколі не было міні, ці джынсаў. Іх з сястрой гадаваў адзін бацька. Маці памерла ад рака прамой кішкі, калі дзяўчыны толькі пайшлі ў школу.

І бацька здужыў іх падняць. Даць нейкую адукацыю (Каця працавала медсястрой, а сястра - бібліятэкаркай). Прыемныя суседзі, думалі бацькі, думаў я. А пазамінулай восенню Кацін бацька павесіўся. Казалі, што ён запытаўся ў дачок, ці можна яму жаніцца паўторна. Тыя праз свой усё яшчэ дзіцячы эгаізм сказалі рашучае “не”.

Каця стала шукаць прабачэння і паратунку ў царкве. Гэта не дзіва, так робяць многія, казаў мой бацька. Ад веруючых людзей бяды не будзе, дадавала маці.

Праблемы пачаліся з таго моманту, як Яўген адпусціў бараду. Такую самую белую, як і валасы на галаве. Людзі з барадой заўсёды перакананыя ў сваёй праваце. Іх перакананні нічым прабіць немагчыма. Барада блакуе ўсе контраргументы і адначасова надае ўпэўнасці і смеласці.

Праз поўгода смеласці набралася аж настолькі, што Яўген не проста кінуў працу і адмовіўся ад карыстання аўтамабілем, ён уласнаручна абрэзаў электрычныя драты, што ішлі да хаты. Яго бацькі прывезлі на дзень нараджэнне халадзільнік, і Яўген проста выкінуў яго на сметніцу. Калі вам трэба новы ўкраінскі халадзільнік, ці дэталі да яго, кажыце – я вам пакажу, дзе забраць. Калі не збаіцеся Яўгена.

Яны з Кацяй з гонарам паведамілі, што хочуць жыць натуральнай гаспадаркай. А яшчэ яны будуць маліцца. Я пытаўся да якой канфесіі яны далучыліся? Праваслаўныя? Не. Пратэстанты? Не. Амішы (гэта не я такі разумны, проста “Сакрэтных матэрыялаў” наглядзеўся)? Не. Давай скончым размову на гэтым, прапанаваў мне Яўген. Давай, адказаў я.

Яны гадавалі курэй, індыкоў, свіней, мелі карову. Кожны летні ранак Яўген з касой ішоў у поле. Аднойчы, адчуваючы праз сон нешта нядобрае, я прачнуўся а пятай раніцы, вызірнуў у акно і пабачыў Яўгена, які стаяў з касой і ўзіраўся проста мне ў вочы. Ці мне так здалося ад страху. Тады я ўпершыню і пабачыў у яго вачах пекла. Пасля гэтага я стаў маліцца перад сном.

Суседзям не падабалася, што бацькі будуюць лазню, яны лічылі, што мы залазім на іх участак. Было шмат сварак, абяцанні спаліць пабудову, нават прыязджала міліцыя. Праваахоўнікі казалі, што нічым дапамагчы нам не могуць, разводзілі рукамі, разбірайцеся самі. Найбольшы ж быў скандал, калі мая маці пачаставала іх малога сына вафлямі. Яўген прыбег да нас і крычаў, што не хочуць прывучаць дзіця да падачак, каб такога больш паўтаралася. Інакш будзе кепска ўсім. Потым гэтыя ж самыя словы мы пачулі і ў дачыненні да сабакі.

…У той самы вечар, пакарміўшы сабаку, я ўсё ж паспеў на аўтобус.

Спачатку я піў піва з аднакласнікамі ў бары “Нармандыя-Нёман”. Потым з адной часткай сяброў адпачкаваўся ад вялікай кампаніі, каб пасядзець зноўку ж з півам на лаўках стадыёна гімназіі №2. Мы пілі, курылі, рагаталі. Вечар прайшоў ціха, ніякіх зачэпак і намёкаў на бойкі. Я нікога не хацеў праважаць дадому, мне не трэба было ўражваць усіх сваёй дасціпнасцю і інтэлектам. Проста добрая і лёгкая ноч. Нават тры кіламетры да вёскі былі пераадолены ўсё з той жа неверагоднай лёгкасцю…

На гадзінніку было палова на пятую раніцы. Ён чакаў мяне каля брамкі. У адной руцэ Яўген трымаў лязо ад касы, без касавішча, у другой – маленькую балонку, нашага Жука.
“Ты ж ведаў, што ўсё так і будзе? Праўда?” – запытаўся ён. “Не”, - адказаў я. “Хлусіш, ты сам ва ўсім вінаваты”. Іскрынка ў вачах.

Як пішуць у газетах, я нават не паспеў заўважыць ягоны раптоўны і рэзкі рух лязом. Жук заскавытаў. Яўген кінуў сабаку, з шыі якога цякла бардовая кроў, на траву, развярнуўся, і марудна пайшоў у свой двор. Ён ведаў, што я не буду даганяць яго і кідаць камянямі ў спіну. Як дванаццаць гадоў таму, я аслупянеў, а ў галаве ўсё назойліва паўтараліся словы: “Ойча наш, які ёсць у небе…”
25 снежня 2013 – 30 студзеня 2014
Спасылка4 камэнтара|Пракамэнтаваць

Мой сусед Віктар Іванавіч [Кст. 30, 2013|11:18 pm]
Мая сталіца, мая правінцыя
Апавяданне

Віктар Іванавіч мяне не любіць. І не вітаецца. Я б на ягоным месцы мяне таксама не любіў.

Летам па начах Віктар Іванавіч любіць курыць на балконе са свайго другога паверху. Да ягоных вокнаў амаль дарасла чарэшня. Усе курцы так любяць рабіць, незалежна ад таго на якім паверсе яны жывуць. І ўсе курцы не любяць, калі ім на галаву ліецца дождж з ванітаў. Але, зразумейце, я ж таксама не вінаваты, што піва змяшанае з зуброўкай так добра пілося ў бары “Крыніца” насупраць КДБ. Вінаватая кампанія, вінаватыя цікавыя размовы і прыгожыя дзяўчыны, але не я. У той вечар столь у кватэры нечакана пачала круціцца як у нейкім нізкапробным фільме, калі герой п’яны-п’яны. Ніколі са мной такога не было. Я не думаў куды бліжэй пайсці: да прыбіральні, ці балкона. Проста пабег на балкон. Віктару Іванавічу ноч я сапсаваў капітальна.

Даўно ўжо той “Крыніцы” няма, на яе месцы “Голдэн кофе”, а Віктар Іванавіч усё крыўдуе. Мне здаецца, што ён марыць пакатаць мяне на сваёй машыне. Ды яшчэ як марыць! Ах, забыўся згадаць. Віктар Іванавіч працуе шафёрам на катафалку. Гатычненька, відаць, падумалі вы. Я б ніколі не даведаўся пра ягоную працу, каб у нашым пад’ездзе аднойчы не акалеў нейкі бомж. Прыходзілі міліцыянты, задавалі пытанні. Я не ведаў ад чаго ён памёр, і не ведаў, хто памёр. І мне было ўсё адно. Абы гэта было не заразным. Я толькі пабачыў, што закручанае ў нешта цела пагрузілі ў катафалк, а за руль машыны сеў Віктар Іванавіч.

Мне нават шкада, што нашы адносіны гэтак сапсаваліся тым несанкцыянаваным вывяржэннем майго страўніка. Інакш, можа быць, мы б маглі нават пасябраваць. Я перакананы, што ў Віктара Іванавіча шмат цікавых гісторый. Заўсёды хацеў запытацца, ці прыходзяць да яго па начах пасажыры машыны. Чамусьці думаю, што прыходзяць. Інакш бы ён не паліў ноч на пралёт сіні вінстан на балконе. Я баюся трупаў, ды я нават манекенаў баюся. Чалавечыя целы сапраўдныя ці пласмасавыя, пазбаўленыя жыцця, вусцішныя. Гэта ведае кожнае дзіця, праўда, калі становіцца дарослым гэта чамусьці забывае. Я не забыўся. Таму Віктар Іванававіч мой герой. Ён не баіцца.

Дарэчы, ніколі не бачыў і не чуў, каб Віктар Іванавіч размаўляў са сваімі дзецьмі. Я не ведаю, як іх завуць. Няхай будуць Лёша і Дзіна. Лёша са мной вітаецца, хоць я і абяцаў неяк разбіць яму твар. Ну ў мяне ў кватэры прарвала трубу. Сантэхнік з мяне ніякі. Я ўвогуле рукамі мала што рабіць умею. Рабочыя не ехалі. Лёша хваляваўся, прыбягаў некалькі разоў на мой паверх, грукаў у дзверы, прасіў прыняць неадкладныя меры. Я яго разумею цудоўна. Непрыемна, што вада са столі цячэ. Тым болей калі новыя польскія шпалеры паклеілі. Я яму тлумачыў як мог: “Лёшка, я – гуманітарый!!!” А ён здаецца не зразумеў. Давялося сказаць, што буду біць морду. На выгляд я страшны, а што біцца не ўмею, то хто ж гэта ведае.

…Але Лёшка вітаецца. Мы з ім бяром шаурму ў адным месцы. У егіпцяніна Ахмеда. Вы яго павінны ведаць, у яго яшчэ сцяг сірыйскіх паўстанцаў стаіць на працоўным месцы. Лёшка бярэ заўсёды фалафель. У яго ўжо нават не пытаюцца пра замову. Фалафель – гэта добра, але мяса ў ім няма. Я ўжо казаў усім, скажу і вам: “Вегетарыянства – першы крок да гомасэксуалізму”. Лёшку я праўда тое не казаў. Ён ужо амаль дарослы чалавек, таму яго выбар застаецца толькі паважаць. Як і выбар граць на скрыпцы. Дарэчы, а музыкі яны таксама гуманітарыі?

Дзіна ж мяне баіцца, хоць ёй морду я біць ніколі не абяцаў. Упэўнены, што яна лічыць мяне маньякам. Штовечар Дзіна ідзе гуляць з сваім сабачкам. Я не разбіраюся ў сабаках, мне яны, як в’етнамцы, усе на адзін твар. Хаця не, хлушу. Чао-чао ідэнтыфікаваць магу. Яны падобныя на медведаў. А медведаў я люблю. Узгадаў, што сярод в’етнамцаў я таксама магу адрозніць Хо Шы Міна. Праўда, яго мімішкай я не называю і не расплываюся ва ўсмешцы, калі бачу. Адны чао-чао маюць шанец на тое, каб рэабілітаваць род сабачы.

Але ж я пра Дзіну. Дзяўчына выводзіць свайго шчанюка штовечар на прагулку (яшчэ адзін відавочны мінус сабак). І так ужо атрымліваецца, што ў дом яна заходзіць у той час, калі я вяртаюся з працы. Халера яго ведае, чаму чып ад пад’езду з сабой яна ніколі не бярэ. Але пакуль звініць дамафон, я падыходжу ззаду, і ці карыстаюся сваім чыпам, ці чакаю, пакуль дзверы адчыняць ёй. Кожны раз, абарочваючыся і бачачы мяне, Дзіна аж падскоквае ад здзіўлення і страху. Ну проста як я ад манекенаў. Хаця я б на месцы Дзіны таксама баяўся б. Лысы, стокілаграмовы мужык падкрадаецца да цябе ззаду, а потым заходзіць следам у цёмны пад’езд. Яна бяжыць, штосілы на свой другі паверх. Часам мне здаецца, што варта было б загаварыць з ёй калі, але потым такая думка зусім не падаецца бліскучай. Бо гэткая размова можа прывесці да таго, што дзяўчынцы давядзецца шукаць бабку-шаптуху ад сполаху. Як шукалі мне, калі перад маім роварам ударыла маланка. Хаця я не разумею, як можна быць такой баязлівай, калі ў цябе тата працуе на катафалку.

Маці? Яна ёсць. Я перакананы ў гэтым. Толькі я яе ніколі не бачыў. Ну ў кожным серыяле павінен быць персанаж пра якога гавораць, але яго ніхто не бачыў. Таму маці я назваў “місіс Каломба”. Чаму місіс Каломба дазволіла Дзіне пастрыгчыся ў стылі я-ўпала-з-сенавала-тармазіла-галавой, а Лёшу насіць бабскі абутак, я не ведаю. Але не лезу ў справы старэйшых людзей. Яны ведаюць пра выхаванне лепш за мяне.

Мне здаецца, што ў нас яшчэ б быў шанец памірыцца і залагодзіць нашы канфлікты з Віктарам Іванавічам і ягонай сям’ёй, каб не мая параноя.

Віктар Іванавіч – адзіны чалавек, які ходзіць у сутарэнні дома. Ніхто болей не ходзіць: ні шляхетная бландзінка з блакітнай венай, што праходзіць праз усю леваю шчаку, ні маладая пара неграў з-пад Гомеля, ні алкаголік Калян, які камусьці на лавачцы прызнаваўся як у 1970-я яго саджалі ў турму КДБ за “палітыку”. Нават гэтыя найбольш каларытныя персанажы пад’езда не заходзяць у сутарэнні, а Віктар Іванавіч адтуль не выходзіць у свае выхадныя.

Я многа гляджу тэлебачання. Грэх, каюся. Канечне, у маю рудую галованьку магло прыйсці толькі адно: там ён зладзіў лабараторыю для катаванняў і забойстваў. Уключыце НТВ, такое спрэс і побач. Віктар Іванавіч чалавек без прыкмет. Мне цяжка яго апісаць. Усё ў ім звычайнае, такімі і бываюць ідэальныя маньякі. На працу кіроўцы катафалка ён таксама пайшоў не проста так жа. Была нейкая цяга да трупаў. Ну згадзіце, ёсць у маіх словах нейкае рацыянальнае зерне.

З таго моманту, як я зразумеў, што ў сутарэннях знаходзіцца вар’яцкае гняздо страху і слёзаў, то я перастаў і піць, і есці. Нават кебабы ад Ахмеда. Самога Віктара Іванавіча я стаў шугацца яшчэ больш, чым Дзіна шарахалася ад мяне. Канечне, я разумеў, што знаходжуся ў групе рызыкі. Блявоціну на сваёй галаве не даруе ніводзін вар’ят-маньяк. Але я разумеў, што забіваць зараз мяне было б вельмі рызыкоўна, бо ўвесь пад’езд ведае пра нашу варажнечу.

Я некалькі разоў спрабаваў трапіць у сутарэнні, але яны былі зачыненымі. Узломваць ноччу? Не, у мяне кішка танка. Супрацоўнікі ЖКГ адмаўляліся адчыняць мне падвал, я ж нават не прапісаны ў гэтым доме. І мне ўсё болей здавалася, што я знаходжуся ўнутры нейкай вялікай змовы. Усе ведаюць, што за чалавек гэты Віктар Іванавіч, але баяцца пра тое сказаць.

Урэшце, так вырашыў жыць і я. Рабіць выгляд, што нічога не ведаю. Прыслухоўвацца да кожнага шораху на паверх ніжэй.

У нейкі момант мне нават здалося, што жыццё па-суседству з маньякам пачынае наладжвацца. Мы так ціха і размерана пражылі два з паловай месяцы, пражылі б і цэлае жыццё, калі б у адзін дзень Віктар Іванавіч не павітаўся са мной. Проста ўзяў і павітаўся пасля столькі ж гадоў маўчання. Я таксама кіўнуў яму, зайшоў у кватэру, паспрабаваў пачытаць “Прессбол”, але рукі мае калаціліся, валяр’янка не дапамагала. Я плакаў, смяяўся, зноў смяяўся і плакаў. Я разумеў, што Віктар Іванавіч хоча памірыцца, каб потым забіць мяне, каб я страціў пільнасць. Колькі пра такое я чытаў!

Я не вытрымаў, я сарваўся. Выйшаў з кватэры і стаў званіць суседзям і крычаць, што Віктар Іванавіч крывавы забойца, што ўнутры ягоных сутарэнняў страшнае месца многіх расправаў, выклікайце міліцыю, умаляў я, як у сне…

Міліцыя прыехала, разам з хуткай дапамогай. Проста адвезці мяне ў бальніцу не атрымлівалася. Я ў істэрыцы патрабаваў, каб Віктар Іванавіч адчыніў нарэшце сутарэнні і паказаў усім, што там адбываецца. Ён адчыніў. Ні ланцугоў, ні іспанскіх туфелек, ні іншых прыладаў для катаванняў там не было. У сутарэннях стаялі станкі і інструменты, якімі Віктар Іванавіч вырабляў дзівосных птушак і звяроў, каб потым аздабляць імі двор. Наш быў упрыгожаны ваўкамі, цмокамі і ластаўкамі задоўга да майго прыезду ў гэтую кватэру. Але Віктар Іванавіч не мог спыніцца, ён рабіў скульптуркі для суседніх двароў. Усе суседзі гэта ведалі, але ж я з імі ніколі не размаўляю. Я іх нават не ведаю па імёнах.

“А яны да вас прыходзяць па начах?” – папытаўся я разгублена ў Віктара Іванавіча.

“Хто яны? Звяры?”

“Ну… Вашы пасажыры”.

“Даўно ўжо не прыходзяць”.

Віктару Іванавічу проста не пашанцавала з суседам зверху.
Спасылка9 камэнтароў|Пракамэнтаваць

Партугалія. Парады і ўражанні [Кст. 14, 2013|04:35 pm]
Мая сталіца, мая правінцыя
Прывітанне! Даўно тут не быў :) Вырашыў крыху напісаць пра вераснёўскую вандроўку ў Партугалію.

Куды ляцець думалі вельмі доўга. Спачатку хацелі на Мальту, потым яшчэ кудысьці. У выніку за тры тыдні да адпачынкаў спыніліся на Партугаліі. Ляцелі наступным маршрутам: Варшава - Франкурт (Хан) - Фару. Назад: Фару - Брусэль (Шарлеруа) - Вільня. Ляцелі, вядома, ryanair-ам. Білеты на дваіх у абодва бакі абышліся ў 280 еўра. Таму крыху міф, што танныя білеты на лаўкосты можна набыць толькі за многа месяцаў да вылету. Калі ляціце ryanair-ам не забудзьцеся раздрукаваць свой квіток, а ўжо ў самім аэрапорце ля вакенца авіякампаніі вам павінны паставіць пячатку як грамадзяніну не Еўрасаюза. Увогуле ж, нічога складанага. У гадзіну дня мы дзесьці вылецелі з Варшавы. На месцы былі гадзін у 19 вечара. З аэрапорта да Фару ўзялі таксі. Ехаць хвілін дванаццаць. Цана - 10 еўра.

Працяг тутCollapse )
Спасылка35 камэнтароў|Пракамэнтаваць

З канадцамі на Дзень Волі [Сак. 25, 2013|09:08 am]
Мая сталіца, мая правінцыя


Па традыцыі перад гульнёй зборнай Беларусі прымаю стаўкі на вынік. Сёння ў Дохе на стадыёне спартыўнага комплекса Aspire адбудзецца таварыскі матч: Канада - Беларусь.

Чалавеку, што правільна адгадае лік сустрэчы прастаўлюся півам ці гарбатай: на выбар. Пераможцам мінулы раз быў vital_rudak.

З канадцамі нашы дагэтуль сустракаліся аднойчы. У сакавіку 2011 у таварыскай сустрэчы ў Турцыі нашы мінімальна саступілі. Тады трапны адказ даў alex_poetry.

Каменты скрыняцца.
СпасылкаПракамэнтаваць

Кароль Абдула [Сак. 21, 2013|09:45 am]
Мая сталіца, мая правінцыя


Па традыцыі перад гульнёй зборнай Беларусі прымаю стаўкі на вынік. Сёння ў Амане на стадыёне "Кароль Абдула" у адбудзецца таварыскі матч: Іарданія - Беларусь.

Чалавеку, што правільна адгадае лік сустрэчы прастаўлюся півам ці гарбатай: на выбар. Пераможцам мінулы раз быў walker_9 (піва яму ўжо праставіў). Таксама правільныя адказы далі yuras_adamovich, alex_poetry, kauboj.

З іарданцамі нашы дагэтуль ніколі не сустракаліся.

Каменты скрыняцца.
Спасылка24 камэнтара|Пракамэнтаваць

Тры гады разам [Сак. 1, 2013|03:14 pm]
Мая сталіца, мая правінцыя
Спасылка11 камэнтароў|Пракамэнтаваць

Супраць мадз'яраў [Лют. 6, 2013|01:32 pm]
Мая сталіца, мая правінцыя


Па традыцыі перад гульнёй зборнай Беларусі прымаю стаўкі на вынік. Сёння ў Белеку на стадыёне "Bellisі" у адбудзецца таварыскі матч: Венгрыя - Беларусь.

Чалавеку, што правільна адгадае лік сустрэчы прастаўлюся півам ці гарбатай: на выбар. Пераможцам мінулы раз быў Барыс Гарэцкі. Таксама правільныя адказы даў dziki_kaban.

З венграмі нашы сустракаліся ўсяго аднойчы. Больш за дзесяць гадоў таму (красавік 2002). Тады ў Дэбрэцэне таксама ў таварыскай сустрэчы нашы перамаглі з феерычным лікам - 5:2.

Каменты скрыняцца.
Спасылка37 камэнтароў|Пракамэнтаваць

Медыум [Стд. 19, 2013|01:31 pm]
Мая сталіца, мая правінцыя
Сесія здадзена. Палова тэрміну вучобы за плячыма.
Спасылка4 камэнтара|Пракамэнтаваць

3 курс [Стд. 18, 2013|06:44 pm]
Мая сталіца, мая правінцыя
Мяне палохае беларуская сістэма вышэйшай адукацыі.

Людзі могуць не ведаць, не тое, што чытаць, ніводнага твора Пушкіна, а на словы выкладчыка: "Сёння мы праходзім Асманскую імперыю", у адзін голас крычыць: "Нам задавалі Турцыю". І пры гэтым усе яны атрымаюць дыплом.
Спасылка35 камэнтароў|Пракамэнтаваць

Тыгры і чарапахі [Снж. 22, 2012|02:20 pm]
Мая сталіца, мая правінцыя
Апошнім часам мае жыццёвым арыенціры даюць істотныя трэшчыны. Жыццё фактычна пераварочваецца з ног на галаву. Высвятляецца, што тыгры не водзяцца ў Афрыцы. А я быў свята перакананы ў адваротным. Ладна, гэта стрэс я перажыў мо год назад, таму неяк змог аклямацца.

Ад другога ўдару адысці нашмат складаней. Атрыманы ён у панядзелак. cap_eretyk падвозіў мяне з Барысава да Мінска. Гаворка зайшла пра хатніх гадаванцаў коцікаў, папугаяў, хамячкоў, пацучкоў. Кажу Алегу, што ніколі не марыў пра хамячка, а вось пра чарапаху - так.

Тут неабходная адна рэмарка. У дзяцінстве маім настольным чытвом была Чырвоная кніга. Дык я там вычытаў, што чарапахі жывуць у Беларусі, у балотах. Дзіцячы розум маляваў, што гэтыя панцырныя істоты жывуць толькі на Галапагоскіх выспах, якія я бачыў у перадачах Юрыя Сянькевіча. А яны ёсць на балотах. У маёй вёсцы было балота, значыць, і чарапахі павінна былі вадзіцца.

Было пастаноўлена падрыхтаваць экспедыцыю для лоўлі чарапах. І кропка. Мы сапраўды хадзілі на балота з вудамі лавіць гэтых міфічных чарапах. Але гора горкае, кожная такая выправа сканчвалася абсалютным фіяска. Нават ніколі не атрымлівалася пабачыць ніякай Тарцілы. Час ішоў і я перастаў верыць у Дзеда Мароза беларускіх чарапах. Амаль як у афрыканскіх тыграў ад нядаўняга.

І вось cap_eretyk у панядзелак расказвае, што неаднакроць на Сяляве бачыў чарапах. Кажа, агідныя такія, напаўзмеі. Вядома, што сківіца ў мяне адвалілася і нічога сказаць з гэтай нагоды я не мог. Высвятляецца, што мае дзіцячыя паходы на чарапах не былі такімі дарэмнымі, як я думаў столькі гадоў. Трэба было проста шукаць крыху паўночней за маю вёску. Шчасце было так побач. Карацей, як лічыце варта рыхтаваць новую экспедыцыю на чарапах? :)))
Спасылка26 камэнтароў|Пракамэнтаваць

Прынцэса і анёлы [Снж. 5, 2012|03:54 pm]
Мая сталіца, мая правінцыя
На тым тыдні быў у Нарвегіі. Такім чынам увесь Скандынаўскі паўвостраў у мяне атрымаўся закрыты (да гэтага быў двойчы ў Швецыі і аднойчы ў Фінляндыі). Хаця Скандынаўскія краіны паглядзеў не ўсе - у Даніі і Ісландыі не бываў.

Дык вось пра Нарвегію. Ляцелі з Вільні "Райнэйрам". Ніколі да гэтага лётаць лаўкостамі не даводзілася. Ну проста ўсё, без прэтэнзій. На зваротнай дарозе было не вельмі смешна, як сцюардэса толькі з трэцяй спробы змагла зачыніць дзверы самалёта. Ну, з кім не бывае. Ды і пасадку ў Вільні мяккай не назавеш. Увогуле, ведаеце, чым болей лётаю, тым болей баюся. Здавалася б, трэба ўсё наадварот. Ну ды ладна. Вось я і ў Нарвегіі.
Далей з фоткаміCollapse )
Спасылка23 камэнтара|Пракамэнтаваць

Нарвегія [Ліс. 25, 2012|12:50 pm]
Мая сталіца, мая правінцыя
На чатыры з паловай дні лячу ў Осла (Нарвегія). Калі хто там быў, то падзяліцеся, што паглядзець, што набыць, што не прапусціць. Пастараюся сюды крыху напісаць пра Нарвегію.
Спасылка1 камэнтар|Пракамэнтаваць

Ля Сцяны Плачу [Ліс. 14, 2012|10:59 am]
Мая сталіца, мая правінцыя


Па традыцыі перад гульнёй зборнай Беларусі прымаю стаўкі на вынік. Сёння ў Ерусаліме на стадыёне "Тэдзі" у адбудзецца таварыскі матч: Ізраіль - Беларусь.

Чалавеку, што правільна адгадае лік сустрэчы прастаўлюся півам ці гарбатай: на выбар. Пераможцам мінулы раз быў lejf. Таксама правільныя адказы далі buslovskas і naschkatze_juli.

З ізраільцянамі нашы сустракаліся чатыры разы. Прычым, заўсёды ў таварыскіх сустрэчах. Тройчы мы прайгравалі, адзін раз атрымалі перамогу. Гэта быў першы матч пад кіраўніцтвам Бернда Штанге ў 2007 годзе. Быў на той сустрэчы. У нашых забівалі Васілюк і Рамашчанка.

Каменты скрыняцца.
Спасылка10 камэнтароў|Пракамэнтаваць

Сівы волас [Ліс. 10, 2012|07:57 pm]
Мая сталіца, мая правінцыя
Сёння ў фб прачытаў у аднаго фрэнда маладзейшага за мяне, што ён знайшоў на сабе сівы волас. У мяне, дарэчы, іх няма яшчэ зусім.

А ў вас ёсць сівізна? Калі так, то калі пачала з'яўляцца?
Спасылка31 камэнтар|Пракамэнтаваць

Спам [Ліс. 4, 2012|03:36 pm]
Мая сталіца, мая правінцыя
Дастаў ісці спам на старыя пасты ў жж. Ніколі не забараняў ананімныя каментары, але цяпер давядзецца.
Спасылка1 камэнтар|Пракамэнтаваць

Гуляем? [Кст. 30, 2012|06:41 pm]
Мая сталіца, мая правінцыя
Прапаную падурніцца. Вы мне нумар ад 1 да 14000, а я вам у адказ прыказку ці прымаўку.

Адкажу заўтра.
Спасылка72 камэнтара|Пракамэнтаваць

Не хадзіце дзеўкі ў баню к нам прыехаў Кіпіані [Кст. 16, 2012|10:01 am]
Мая сталіца, мая правінцыя


Па традыцыі перад гульнёй зборнай Беларусі прымаю стаўкі на вынік. Сёння на стадыёне "Дынама" у Мінску адбудзецца адборачны матч: Беларусь - Грузія.

Чалавеку, што правільна адгадае лік сустрэчы прастаўлюся півам ці гарбатай: на выбар. Пераможцам мінулы раз быў pauliuk_tut. Таксама правільныя адказы далі nikita_syskov, browar_dryhvy, Аляксей Казлоўскі.

З грузінамі нашы сустракаліся аднойчы і саступілі 0:1.

Каменты скрыняцца.
Спасылка50 камэнтароў|Пракамэнтаваць

navigation
[ viewing | most recent entries ]
[ go | earlier ]